Палеския рабинзоны :: Мавр Янка
Страница:
92 из 173
– І не я. Значыцца…
– …тут нядаўна быў чалавек, – скончыў Мірон. І быў ён не пазней учарашняга дня, бо ў перадапошнюю ноч быў дождж і недакурак пажаўцеў бы.
– А я думаю, што сёння, – упэўнена адказаў Віктар, – бо сёння я тут быў і ў кожным разе такую незвычайную рэч заўважыў бы.
– Відаць, ён быў тут, калі нас не было, і падумаў, што нікога няма. Можа, ён і недалёка паспеў адысціся.
– Гэй! Людзі! Сюды! – загукалі хлопцы што было сілы.
Прыслухаліся – ніхто не адгукаецца.
Зноў пачалі крычаць, зноў прыслухаліся. Потым пабеглі наперад, нібы шалёныя, кідаліся ва ўсе бакі і крычалі датуль, пакуль не страцілі голас. Але ўсё было дарэмна…
– Няма! Пайшоў, – апусціў галаву Віктар. – А ён ведае дарогу.
– Добра ўжо і тое, што сюды можна прыйсці, – сказаў Мірон. – А калі можна прыйсці, значыцца, можна і выйсці.
– Але як, калі не ведаеш, знайсці гэтую сцежку?
– Вядома, нялёгка. Затое мы пэўна ведаем, што яна ёсць. І гэта добра.
Доўга абмяркоўвалі яны гэтае здарэнне, нават заснуць не маглі. Вельмі шкадавалі, што чалавек не знайшоў іх. Але ж затое ў іх з'явілася надзея хутка выбрацца з гэтай пушчы.
І калі нарэшце, здавалася, яны паснулі, Віктар раптам усхапіўся і штурхнуў Мірона ў бок.
– Чаго ты? – нездаволена буркнуў той.
– Слухай, – трывожным шэптам пачаў Віктар. – А што, калі… ён… наўмысля не хацеў сустрэцца з намі?
– Ну, вот яшчэ што выдумаў! Спі. Заўтра ўбачым.
|< Пред. 90 91 92 93 94 След. >|