Палеския рабинзоны :: Мавр Янка
Страница:
93 из 173
– Не, ты толькі падумай: будка, вогнішча, чарапаха з сокам, розныя хатнія рэчы, а галоўнае – барсучыная скура ў будцы. Хіба можна падумаць, што нікога няма? Га?
– А чаму ж не? – адказаў Мірон, але ўжо не так упэўнена. – Калі мы пойдзем, то пакінем жа і вогнішча, і будку.
– А чарапаху? А барсучыную скуру?
– Ну, ён мог на гэта не звярнуць увагі.
– Але ж ён, здаецца, стаяў і курыў тут.
Довады Віктара пахіснулі і Мірона. Але як яны ні меркавалі, растлумачыць гэты незразумелы факт ніяк не маглі. Ну, хто мог хавацца ад іх і навошта?…
Так і паснулі ў трывожным няведанні.
XIV
Дарэмныя патугі. – Паселішча баброў. – Яшчэ адна няўдалая спроба. – Недакурак варона на хвасце прынесла. – Сонны заяц.
Ледзь толькі ўзышло сонца, як хлопцы былі на нагах і спешна рушылі ў дарогу. Калі яны падышлі ўжо да балота, каб пераправіцца на другі востраў, Мірон прыпыніўся і сказаў:
– А чаму мы так упэўнены, што чалавек прыходзіў з таго вострава? Ён жа мог прыйсці і непасрэдна на наш.
Віктар і сам здзівіўся, адкуль узялася ў іх гэтая ўпэўненасць. Тым болей што чалавеку без ніякай патрэбы і карысці трэба было прабірацца і праз гэтае балота, у якім яны ледзь не загінулі.
– Усё роўна трэба абследаваць абодва, – нарэшце сказаў Віктар, – дык пачнём ужо з таго, які меней вядомы.
Яны пільна прыглядаліся да балота, ці не відаць слядоў незнаёмага чалавека. Але сярод сваіх слядоў новых нельга было заўважыць.
– А можа, ён у другім месцы перайшоў.
|< Пред. 91 92 93 94 95 След. >|