Палеския рабинзоны   ::   Мавр Янка

Страница: 94 из 173



Прайшліся ў адзін, другі бок, але ніякіх слядоў не знайшлі.

Як жа не хацелася ім зноў лезці ў гэтае абрыдлае балота! Адно што ўдзень ісці было куды лепш, як уначы. Апрача таго заўважылі, што за апошнія суткі балота крыху пасушэла.

– Відаць, паводка яшчэ не скончылася, – сказаў Мірон. – Вада ўсё падае. Гэта для нас добра.

Перайшлі на той бераг і пайшлі ў абход, як і раней.

Зноў пачалася цяжкая праца. Зноў у роспачы соваліся яны ва ўсе куткі і кожны раз без выніку адыходзілі назад. Вось абагнулі адзін бок, другі, а выйсця ніякага няма. Абышлі трэці бок і завярнуліся зноў назад.

– Значыцца, чалавек прыходзіў не на гэты востраў, а на наш, – упэўнена сказаў Віктар.

У кутку, адкуль хлопцы пачалі абследаванне апошняга, паўднёвага берага вострава, сярод дрэў і лазняку яны заўважылі ваду, нібы азярцо. Яны і раней бачылі яе, але палічылі, што сюды няма чаго совацца, і пайшлі далей да месца сваёй пераправы.

Цяпер жа зацікавіліся і гэтым месцам. Калі праціснуліся праз лазняк, убачылі крынічку, якая, відаць, выцякала з балота ў возера. Крыху далей крыніца была перагароджана нібы грэбляй, перад якой вада крыху затрымлівалася і стварала тое азярцо, што хлопцы бачылі з берага. Цяжка было распазнаць, ці прыродная гэта грэбля, ці зроблена людскімі рукамі. Праўда, два зламаныя дрэвы з галінамі, кучы ламачча ляжалі так, як чалавек не рабіў бы. Але, з другога боку, цяжка было даць веры, што ўсё гэта навалілася тут выпадкова.

|< Пред. 92 93 94 95 96 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]