Палеския рабинзоны   ::   Мавр Янка

Страница: 95 из 173

Перад грэбляй з вады вытыркаліся тры стажкі, нібы копы сена. Зноў жа нельга было даць веры, каб такія стажкі стаялі выпадкова.

Раптам каля грэблі плюхнуліся ў ваду дзве-тры невялікія жывёлівы, падобныя да выдры, якую хлопцы бачылі раней.

– Бабры! – крыкнуў Віктар.

Гэтае з'явішча так зацікавіла хлопцаў, што яны забыліся і на голад, і на зморанасць, і на таемнага чалавека, і на сваё становішча. Столькі разоў яны чулі і чыталі пра гэтых рэдкіх, каштоўных і цікавых жывёл, якія захаваліся ў рэчках лясных раёнаў Расеі і Беларусі. Столькі чулі пра іх паселішча, жыццё. І вось цяпер яны бачаць іх сваімі ўласнымі вачыма ды яшчэ ў першабытных, прыродных умовах.

– Дык вось як яны жывуць! – прамовіў Мірон. – Трэба будзе добра прыгледзецца да іх.

– Абавязкова! – згадзіўся Віктар. – Варта спецыяльна дзеля гэтага застацца на адзін лішні дзень.

Сёння было позна ўжо гэтым займацца. Надыходзіў вечар, хлопцы даўно ўжо выйшлі з «дому», і трэба было спяшацца, каб не пагас агонь. Зірнулі мімаходзь на бабровае паселішча і пайшлі далей.

Уся гэтая мясціна выдалася зусім не грузкая. Калі праціснуліся праз зараснік, то адразу выйшлі на ўзгорак, а за ім недалёка ўбачылі і сваю рыбную сажалку.

– Вось табе і на! – крыкнуў Віктар. – Навошта ж мы пакутавалі на балоце, калі тут ёсць такая добрая дарога!

У высахлай сажалцы відаць было шмат слядоў не толькі звяр'я, але і птушак.

– Відаць, усе паласаваліся нашай рыбай, – заўважыў Мірон.

|< Пред. 93 94 95 96 97 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]