Палеския рабинзоны   ::   Мавр Янка

Страница: 96 из 173



Так скончыўся гэты дзень. Здавалася, ён быў такі самы цяжкі, няўдалы, безнадзейны, як і папярэдні, але хлопцы неяк менш непакоіліся і не пакутавалі, як тады: новыя падзеі адцягнулі іх увагу ад сумных думак.

А на другі дзень доўга не маглі вырашыць, за што ўзяцца: ці дарогу шукаць, ці ісці паглядзець баброў.

– Зразумей жа ты, – даводзіў Мірон, – што ад дарогі залежыць наша выратаванне. Нельга з-за цікавасці рызыкаваць жыццём. Калі будзем ведаць дарогу, тады заўсёды можам вярнуцца і спакойна заняцца нагляданнем. Я не кажу, каб абавязкова ісці дадому. Хай мы знойдзем хоць след чалавечага жылля і адтуль вернемся.

Віктар жа даводзіў сваё:

– Ну як жа ісці далей, калі побач такая цікавая рэч? Калі яшчэ вернемся ды і ці вернемся наогул – невядома. Можа, гэты след за дваццаць кіламетраў. Ці захочаш тады ты сам вяртацца назад? Я не спадзяюся на гэта.

Доўга спрачаліся яны і, нарэшце, вырашылі кінуць жэрабя. Лёс вырашыў на карысць Віктара.

Праз некаторы час яны былі каля бабровага паселішча. Спачатку ўважліва агледзелі будоўлю. Адно з паваленых дрэў мела сантыметраў сорак таўшчыні, другое – крыху меней, а побач было шмат танчэйшых пнёў.

– Няўжо ўсё гэта яны самі звалілі? – дзівіўся Мірон.

– А то хто ж? Глядзі, як падпілавалі. Усе пні былі завостраныя, нібы калы. Таксама былі завостраныя і канцы дрэў. Бабры пачыналі грызці навакол шырокай паласой, а потым усё вузей і вузей, пакуль дрэва не ламалася.

|< Пред. 94 95 96 97 98 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]