Палеския рабинзоны :: Мавр Янка
Страница:
97 из 173
– Няўжо яны па свайму жаданню валяць гэткае дрэва ў той ці іншы бок? – пытаўся Мірон.
– Мусіць, так, бо, бачыш, няма ніводнага дрэва, паваленага ў другі бок.
Тут яны заўважылі вялікую асіну, якая была падгрызена так, што, здавалася, яе можна было б зваліць пальцам.
– Не! – крыкнуў Віктар. – Хоць сам загіну, а падпільную, як яны будуць валіць гэтае дрэва!
І сапраўды, справа была такая цікавая, што нават Мірон не хацеў ужо ісці адгэтуль.
Здалёк грэбля здавалася абы-як накіданай кучай, а зблізку выявілася, што ўнізе галлё шчыльна пераплецена, нават замазана зямлёй, і вада затрымлівалася як след.
Такія самыя былі і іхнія хаткі. Ад зямлі (у вадзе) яны ўздымаліся не меней, як на рост чалавека. Верхнія пласты галля здаваліся наваленымі абы-як, але чым глыбей, тым лепей яны былі апрацаваны, пераплецены і замазаны.
– Бачыш, вунь пад вадой чарнеецца дзірка, – тлумачыў Віктар. – Гэта іхні ўваход. Такіх уваходаў некалькі. А самі яны жывуць на другім паверсе, куды вада не даходзіць.
– Значыцца, цяпер яны сядзяць у гэтых стажках? Цікава было б злавіць, каб паглядзець бліжэй.
– Не, брат! Гэта нялёгкая справа. На тое ў іх ёсць некалькі выхадаў.
– А можна іх есці?
– А ты ўсё з харчовага пункту погляду разглядаеш! – засмяяўся Віктар. – Не чуў, каб іх елі. Не гэтым цікавяцца, а іх футрам ды яшчэ нейкай «бабровай струёй». Кажуць, нейкія лекі.
Яны ўважліва разглядалі будоўлю, абышлі ўвесь участак і каля другога берага, сярод зарасніку, убачылі чацвёртую хатку.
|< Пред. 95 96 97 98 99 След. >|