Зброя   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 105 из 129

Неверагодны план паступова складваўся ў ягонай галаве.

— Скардзіцца будзеце-с? — спытаў Багатыроў.

— Нашто, калі іх зарэжуць.

— Гэта праўда-с, — уздыхнуў сырэйнік. — Гэта як піць даць.

— Колькі яны маглі прагуляць?

Багатыроў паціснуў плячыма:

— Пяць чалавек на смерць паслаць? Думаю, рублёў дзвесце. З-за меншага не сталі б пэцкацца.

— Што ж, у вас тут кошт жыцця сорак рублёў?

— Атрымоўваецца так, барын.

Алесь глядзеў у ягоныя вочы. Не, вочы не хлусілі.

— Я магу заплаціць за іх грошы.

— Што за гэта патрабуецца?

— Мне патрэбны рукі вашых людзей, — сказаў Алесь.



РАЗДЗЕЛ VІІІ

Гай нібы навісаў над Уладзімірскім гасцінцам. Свяціліся пад паўдзённым сонцам белыя ствалы бяроз, мякка шалахцелі іхнія галіны, зусім непрыкметна, толькі калі глядзець на ўвесь гай, кранутыя зеленню.

Хмызы на адхоне падступалі да самай дарогі, брук якой блішчаў пад сонцам. Недзе далёка-далёка злева, па гэты бок дарогі ўгадвалася багатыроўскае паселішча, а насупраць яго — Аненгофская пасадка, за якой цягнуўся і цягнуўся Ізмайлаўскі бор.

Людзі сядзелі на адхоне. Запрэжкі былі адведзены трохі далей, на лясную дарогу. У апошні момант вырашылі, што першую пару троек, на якой будуць скакаць да «лапцеўскай» падставы, лепей купіць, а потым адвесці ў бок ад дарогі ўцёкаў і там кінуць: нехта падбярэ.

Ля коней зараз былі тыя два новавяскоўцы, якіх Чыўін не ведаў, здаровыя змрочныя мужыкі.

Багатыроў не схлусіў.

|< Пред. 103 104 105 106 107 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]