Зброя   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 14 из 129

Любіў яго мазаічную падлогу і пах курэнняў з моцнай парфумы, неад'емны ад таго захаплення, якое авалодвае табою, калі скрыпачы ў аркестры выпрабоўваюць смычкі. Любіў стракатаць натоўпу і веліч некаторых будынкаў.

І ён ненавідзеў яго за самае крайняе самавольства і поўную абыякавасць да чалавека, да суседа. Як ён жыве — і ці жыве ён, чым ён дыхае — і ці ёсць яму чымсьці дыхаць — гэта нікога тут не цікавіла.

Дэспатычнае самавольства, нахабны прыгон і патрыярхальнасць — чацвёртага кіта не было. А на гэтых трох стаяў «трэці Рым», аслеплены ідэяй уласнай велічы настолькі, што яму было ўсё роўна, шмат ліхтароў на вуліцах ці не. А іх было мала, таму што большую частку дрэннага канаплянага масла з'ядалі пажарныя, абавязкам якіх было гэтыя ліхтары чысціць і запальваць. З'ядалі з дрэнна абдзёртай грачанай кашай, галоўнай і ледзь не адзінай сваёй ежай.

Ён ненавідзеў яго за тое, што горад, у масе сваёй, не жыў і нават не хацеў жыць уласнай думкай. Вярхі жылі разбэшчаным рабалепствам перад «грамадскай думкай», якую ўвасаблялі прыдуркаватыя ад старэчага маразму галовы ангельскага клуба. Галовы ў сваю чаргу схіляліся перад разумовым убоствам так званай дзяржаўнай ідэі. Астатняя частка жыла плёткамі і мамонай і пакорай перад законам, які не закон.

Нельга курыць на вуліцах — не будзем. Нельга насіць доўгія валасы — не будзем. Нельга есці бліны іначай як на масленіцу і ў належныя для таго дні — не будзем.

|< Пред. 12 13 14 15 16 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]