Зброя   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 16 из 129



* Карэйша Іван Якаўлевіч — славуты маскоўскі юрод, якога трымалі ў Прэабражэнскайбальніцы і на «прароцтвы» якога валам валілі, нягледзячы на поўную іх бессэнсоўнасць, мяшчане, купцы і арыстакратыя горада. Сучаснікі кажуць, што наведвала яго ўсё грамадства і што ўся жаночая палова Масквы, безумоўна, прызнавала яго. У Ляскова ёсць апавяданне, як Карэйша «з-за памылкі» прасіцелькі «вымаліў» дзіця не замужняй жанчыне, а дзяўчыне. Карэйша памёр у 1862 годзе, ва ўзросце васьмідзесяці гадоў.

Карэйша зараз дажываў свой век у доме вар'ятаў. Што яны — не вар'яты, а «нармальныя» — будуць рабіць без яго?

…Добра, што ў будачнікаў аднялі алебарды. Такі быў сімвал ідыёцтва ўладатрымальнікаў! Такое бруднае і грубае сярэдневякоўе! Як увесь гэты быдлячы свет.

— Вы нешта сказалі? — страпянуўся Алесь.

— Вы ўпершыню ў Маскве? — паўтарыў купец.

— Упершыню, — сказаў Загорскі.

Ён не вельмі хлусіў, кажучы гэта. Тэатры, універсітэт і рэстараны — гэта была не Масква. Ён, Алесь, стаяў цяпер твар у твар з сапраўднай Масквой. Яму трэба было цяпер жыць з ёю і мець справу з ёю і, дзякуючы небяспечнасці свёй справы, спусціцца ў такія цёмныя глыбіні, такія лабірынты і прорвы, якіх цалкам і на ўсю глыбіню не ведаў ніхто. Ён упершыню ішоў да яе, і яму было нават трохі страшна. Бо тут раскашавалі і забівалі, здабывалі сабе хлеб гандлем і рабункам, з дазволу і патаемна, а то абыходзілася і без яго, без гэтага хлеба.

Гэта было як з Варваркі спусціцца ў Зараддзе. Не, нават горш.

|< Пред. 14 15 16 17 18 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]