Страница:
18 из 129
Людзі вялізнай для свайго часу адукацыі, самыя паважаныя раскольнікамі асобы ў часы цара Пятра.
Алесь зразумеў: Чыўін зрабіў для сябе нейкі вывад і баяцца яго не будзе. Менш, ва ўсякім разе, будзе баяцца.
— Я і кажу, — сказаў стары. — Сцеражыцеся. Ніканіянскі горад. Блудніца вавілонская. Злодзей на злодзеі сядзіць. Падэшвы на хаду рвуць. Вось нядаўна з Крамля гармату ўкралі.
— Не можа быць!
— Не хлушу, бацюхна, — стары цяпер гаварыў істава, куды падзеліся «слова-еры». — Яны б і царзон прынялі, каб нехта купіў. Знайшлі б спосаб.
— Ды як?
— А так. Там пастамент ля арсенала. Раніцай змяняўся караул — ан замест пастамента — пустамент. Няма. Уся паліцыя, увесь сыск забегалі. Урэшце знайшлі на Драчоўцы, на Старой плошчы, у сутарэнні пад дробязнай крамай. І ўжо тую гармату сякерай на лом нехта разбіваў. А гаспадар крамы — «дабрасовесны» ў гарадской часці. Вось табе і «дабрасовесны»: крадзеныя гарматы купляе. А зладзеі яе вось як вывезлі. Скінулі на зямлю і адразу, захутаўшы ў дзяругу, — на санкі. Вартавы ў Троіцкай браме пытае, што вязуць, а яны яму: «Чушку, кармілец, тушу свіную». Вартавы толькі вочы ўзвёў ды, відаць, пачаў думаць, як яно добра пад гарэлку. Ну і вывезлі. Каб цар камусьці быў патрэбен, то вывезлі б і цара… цьху, даруй мне Божа, я не казаў — вы не чулі… Так што глядзі-іце.
— Мне б такіх людзей, — сказаў Алесь.
— Ды нашто вам?
— Зброю хачу купіць. Многа.
Халімон на козлах здрыгануўся. Падумаў, відаць, што выхаванец звар'яцеў.
|< Пред. 16 17 18 19 20 След. >|