Страница:
20 из 129
Адразу ж на рамізнікаў, на Курскі вакзал, селі ў вагон,паехалі ў Афрыку. Прачнуліся каля Арла і трохі здзівіліся. Ніхто не ведае, чаму Арол, чаго ў вагоне, самі едуць ці іх вязе нехта? І галоўнае, суседзі і тыя не растлумачаць. Адзін палез у кішэнь — паперка. А на ёй маршрут — Стрэльна — вакзал — Арол — Афрыка… Паехалі назад. То хаця і не палявалі, а адзін, Зяблікаў Фама Цітыч, горш чым ад кракадзіла знявечыўся. Морда разбітая, рука выкручаная. Гэта ён па дарозе на вакзал з пралёткі на брук выкаціўся… Вось табе і Афрыка, і кракадзілы… Купец, пэўна?
— Князь, Дзяніс Авакумыч.
— Колькі ж у вас прыгонных было?
— Дваццаць тысяч.
Сані імчалі цёмнымі вуліцамі.
— Стой, — сказаў раптам купец. — Стой, фурман, высадзі.
— Чаго вы?
— Няўмесна, бацюхна. Не магу я так сядзець.
— Які я вам «бацюхна». Сядзіце. Не спыняй, Макар.
— Канешне, можна і ехаць, — пасля маўчання сказаў Чыўін. — І развага, і небяспека, і не заспееш на месцы. А яшчэ калі «града ўзыскуеш» — у-у!
Ён чамусьці перайшоў на «ты». Відаць, таму, што яго мучыла нешта важлівае.
— Адкуль ты, князь?
— Ветку ведаеш?
— Н-ну…
— А сухадольскія вёскі старога сагласія?
— Б-бацюхна…
— То зусім непадалёку.
Стары дапытліва глядзеў на яго.
— Курыш?
— Не.
— Правільна робіш.
Ён усё ж не насмеліўся спытаць, старой веры сусед ці не. З аднаго боку, князі дрэўлепрэпраслаўленыя не бываюць. З другога боку — хто ведае. Былі ж калісьці такія і князі і баяры.
|< Пред. 18 19 20 21 22 След. >|