Страница:
44 из 129
Сам у чырвоным, у левай руцэ піка са сцягам, доўгая, у правай — драўляная шабля, бо ляўшун, шуйцай дзейнічае, а дзясніца — так сабе. Крычыць: «З'явіўся на сваё паселішча! Не мір, але меч!» І вось за архангелам-леўшуном валіць натоўп. Тут табе сярод іх і проста цікаўныя, але тут і веруючыя… І ідзе гэты архангел ад Нікольскай брамы праз усю плошчу аж да Блажэннага Васілія.
На сярэдзіне плошчы, ля голых Мініна з Пажарскім — сарамацішча! — будачнік архангела арыштаваў ды пацягнуў у акалодак. Выявілася — ніякі ён не «нябесны жыхар», а манах беглы, вашывы. Вось да чаго яны Божае імя давялі.
Макар толькі пасмейваўся на козлах. А купец пачырванеў яшчэ больш, каламутна-сінія вочы пацямнелі. Вялікі рот нібы скамянеў. Рука мяла клін барады.
Нясцерпны, арэхава-гнілы смурод Ахотнага рада змяніўся адносна свежым паветрам: з Цвярской, нібы з цясніны, павеяла ветрыкам. Сані паварочвалі да Краснай плошчы.
— Трэба будзе табе потым, князь, на Яблычны двор з'едзіць. Там таксама паляўнічымі стрэльбамі гандлююць, сабакамі, усім такім. А што, сланы таксама ў Афрыцы?
— Але.
— Небяспечная штука твая Афрыка. Ля Яблычнага двара, у звярынцы, не так даўно слон звар'яцеў. Усё чыста разламаў. Абкапалі яго ровам — ён не сунімаецца. Каму ахвота? То склікалі салдат, і тыя яго, беднага, пачалі расстрэльваць. Той раве, а яны паляць. «У «Паліцэйскіх ведамасцях» пісалі: сто сорак чатыры кулі ў яго выпусцілі… Вось табе і воінства.
— Мы лепей страляем, — сказаў Алесь. — Прывычка.
— То і добра.
|< Пред. 42 43 44 45 46 След. >|