Зброя   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 45 из 129

А то пабілі б вас тыя сланы зусім. У тым аднаго мяса было дзвесце пяцьдзесят пудоў… Цьху, Пан Божа… А на Кузнецкі забылі? Там у немцаў таксама стрэльбы, і яшчэ падзорныя трубы можна купіць.

— Купім, — супакоіў яго Алесь. — Гэта ў Швабе?

— Трубы — у Швабе.

— Быў там ужо слуга.

Халімон сапраўды пабываў у Швабе. Купіў пяцьдзесят бінокляў. Купілі там і стрэльбаў. Па дзесяць — пятнаццаць, не выклікаючы падазрэнняў, — а на складзе было ўжо сотні тры дубальтовак, дальнабойных, хаця і трохі старамодных ментонаў буйнога калібру, ангельскіх «тыгравых» стрэльбаў. Акрамя таго, трэцяга дня Мсціслаў выехаў чыгункай да Паўлава Пасада, або, па-простаму, «Выхны», з мэтай купіць там сотні тры кінжалаў, дзвесце шабляў і, колькі знойдзецца ў збройнікаў, — агнястрэльнай зброі*.

* Ніжагародская чыгунка тады была даведзена толькі да Выхны.

Усё гэта, праз сваіх людзей, маленькімі партыямі, везлі ў Беларусь. Алесь спадзяваўся, што праз тыдзень на складзе адначасова будзе «начаваць» не больш за сорак стрэльбаў, і тады можна будзе не баяцца паліцыі. Ён ведаў: гэта не канспірацыя. Ён ведаў: справа, якой ён займаецца, можа ў кожны момант каштаваць яму галавы. Але іначай нічога нельга было зрабіць. Толькі і заставалася, што цадзіць яе вось так, па кроплі з розных месц. Бо нават калі б ён спустошыў усе арсеналы Вежы, Загоршчыны і вёсак прыхільнікаў — стрэльбаў не хапіла б на ўсіх людзей.

|< Пред. 43 44 45 46 47 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]