Зброя   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 46 из 129

Ён разлічыў: да паездкі ў Маскву адна стрэльба прыходзілася б на пяцёх, калі б край неспадзявана паўстаў. А гэтага можна было чакаць кожную хвіліну. Агнявы фіціль ляжаў на парахавой бочцы, што звалася Беларуссю і Літвой.

— На Кузнецкім была гісторыя, — сказаў купец. — Прыходзіць у каланіяльную краму чалавек і просіць патакі. Сядзелец пытае: «Куды наліць?» Чалавек той знімае цыліндр: «Сюды». Той здзівіўся, але… у кожнага пакупца свая дурына. Налівае. Той яму дае за патаку пяць рублёў. Сядзелец адчыняе шуфлядку, каб даць рэшты. А той яму ў гэты час — хоп! — цыліндр на галаву. Рукі ў касу, за грошы і — лататы.

— І правільна, — з нейкай нават павагай сказаў Макар. — Гэта табе не Чухлама, а Масква. Тут зяваць не даводзіцца.

Наводдаль узвышаўся Крэмль. Сонца на хвіліну прарвала дзённы змрок і заліло яго крывавай барваю. Муры нібы чырванелі наскрозь у ягоных прамянях. І дзіўна было глядзець шэрае жабрацкае мора, што кішэла ля падножжа гэтай страшнай велічы.

Слепакі з павадырамі, гнойныя вочы жабрачак, юроды, язвы і лахманы.

— Пада-айце слепенькаму!

— «Ля-жаў сабе Ла-а-зар на гнаёвай ку-у-пе…»

— Адбіла мне ногі пад горадам Свістопалем…

— Брат! Брат! Нічога ў мяне, акрамя вошай. Дай капейку за дзесятак — да смерці дажыву.

Рукі цягнуліся адусюль. Нібы прасіла ўся гэтая зямля.

— Пацярпеў ад нашэсця інапляменных… Пры Крымскай канфузіі атрымаў кантузію… Вашаскароддзе, на лусту хлеба кавалеру.

Салдат быў страшны. Яго калаціла, бы ў падучай.

|< Пред. 44 45 46 47 48 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]