Страница:
47 из 129
А з-за ягонай спіны цягнуліся новыя… новыя… новыя рукі.
Адыходзіў з дарогі жабрак, уражаны нейкай хваробай, магчыма, пранцамі. Ніжняй сківіцы не было, і, як у звоне, боўтаўся ў цёмнай зеўры язык.
А над усім гэтым былі барвяныя муры, велічныя вежы, гордыя арлы на шпілях, абрыдлівы спрут, заліты сонечнай крывёй.
…Ледзь цягнуліся праз натоўп. Злева былі Старыя рады. Двухпавярховыя, з каланадай і купалам. Ля каланады, ля «Сталбоў», шумела пірожная біржа. Брудныя пірожнікі з захутанымі ў коўдры скрынкамі на грудзях таўкліся ад калон да помніка Мініну і Пажарскаму. Ніжагародскі мешчанін паказваў ім рукою на Крэмль, на палац, куды з іх ніхто ніколі не трапіць.
— Пірагі з гарохам… Пірагі з гарохам…
— Сам жары, свіння. Давай з сёмгай і кашай.
— Купляй. Сёмужка ў нас о-го!… Закусвай, міл-чалавек. Яна перад тым, як у пірог трапіць, ледзь не бегала.
Хлапчынка торгаў за крысо пірожніка:
— Дяденька, чтой-то у тебя пироги-те с тряпкой.
— А табе, каналья, что ж, за две-то копейки с бархатом, что ли, давать?
Гандлявалі падовымі з падліўкай, «верабейкамі», што плаваюць у масле, блінамі на латочках. І хаця была яшчэ масленіца і людзі елі гарачую каўбасу і пірагі з мясам і яйкамі — некаторыя, абжэршыся скаромінай, прасілі пірагоў з груздамі, са снятком і поснай падлівай.
Ад Лобнага месца як рэзаныя крычалі збіценшчыкі. Здавалася, што там, па-ранейшаму, чвартуюць людзей, а не гарачую ваду з мёдам і карыцай прадаюць.
|< Пред. 45 46 47 48 49 След. >|