Страница:
48 из 129
…Яны кінулі Макара з коньмі ля аднаго з «глаголяў» і пайшлі ў рады. І толькі тады Алесь зразумеў, чаму Чыўін засцерагаў яго. Унутры гэты будынак у стылі маскоўскага класіцызму нагадваў караван-сарай. Нізенькія, як норы, страшэнна доўгія хады. Столь — аркаю. Падлога таксама, бо выбілі за дзесяцігоддзі пакупцы. І ўся гэтая падлога шчарбатая, выбітая. З аднаго боку калідора — крамы, з другога — «авечкі», зашклёныя прылаўкі з дробяззю: вееры, вянчальныя свечкі, панчохі, напарсткі, гальштукі. Адразу відаць, што гніла, дорага, з падманам. А не купіць чалавек — пачнуць здзекавацца, смяяцца, праводзяць смехам і абразамі. Хто рахманы — купіць часам, абы адвязацца.
Праходы загрувашчаны цюкамі і скрынямі. На арках сям-там іконы з «гасімымі» лампадамі (агонь паліць забаронена, таму зімой у тры гадзіны — канец гандлю). І каля ўсіх крам «хлопчыкі» з галоднымі і бледнымі тварамі. Шчокі абмарожаныя, бо холад сабачы, грэюцца гарбатай, перакідваючы з рукі ў руку гарачую шклянку. Ад піцця гарачага на холадзе — амаль ва ўсіх горлы апухлыя, «чушка».
Паўсюль лаянка, выгукі, прыказчыкі цягнуць людзей за рукі ў крамы. Чыўін некалькі ўжо разоў даваў па нахабных руках, бо зацягнуць, закруцяць.
Людзей з глухой правінцыі, чухламскіх купцоў ды калядзінскіх багатых мяшчанак, у радах часам і рабавалі. Затлумяць галаву, а потым — шукай сярод сотняў «сваю краму». Усе аднолькавыя. І прыказчыкі на адну морду — усе нахабныя пысы.
Па радах хадзілі «радскія кухары» з карчагай у адной руцэ, з кошыкам — у другой.
|< Пред. 46 47 48 49 50 След. >|