Зброя   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 49 из 129

У карчазе была гарачая капуста з мясам, у кошыку — місы, лыжкі і хлеб. Міса капусты з мясам і хлебам — дзесяць капеек.

А за радскімі кухарамі ледзь не цэлай гайнёй хадзілі, круціліся пад нагамі ў пакупцоў валацужныя сабакі. Калі набіралася шмат місак з астачай капусты і хлебных недаедкаў — кухар ставіў усё гэта на падлогу, ля свайго кутка… Пасля «мойкі» міскі выціралі брудным сальным ручніком і зноў налівалі тым, хто пажадае, гарачай капусты. Усім было добра.

Кірдун, убачыўшы сабак над місамі, пляваўся на ўсю суконную «Панскую» лінію, аж пакуль не прыйшлі ў «Нажовую».

Чыўін і тут быў незаменны. Бачыў усе купецкія выбрыкі, не дазваляў падмяняць купленага, прымушаў «показывать товар лицом». Алесь увесь час думаў, што ён сам, без Дзяніса Авакумыча, не здолеў бы так ганяць прыказчыкаў і абавязкова накупіў бы непатрэбнага.

Падняліся і ў «палатку», верхняе памяшканне саліднай збройнай крамы купцоў Суравых. Там было ціха, бо не ўсе рызыкавалі падымацца па стромых драўляных сходах, склізкіх ад бруду.

Малады Сураў сядзеў вярхом на лаўцы і граў з прыказчыкам у шашкі. Маўчалі піраміды стрэльбаў. А з-за іх далятаў глуха і страшна пагрозлівы голас:

— Сіцэ… Абіе… ізыдох…

— Гэта хто? — спытаў Алесь.

— Бацька, — абыякава сказаў увесь заліты тлушчам малады Сураў, — па шкоднасці сваёй год ужо ў палатцы «Біблію» чытае. Фантазія, значыцца, такая ў яго, каб прыказчыкаў, хлопчыкаў, ды мяне даводзіць. Толькі мяне не давядзеш — шалі-іш.

|< Пред. 47 48 49 50 51 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]