Зброя   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 50 из 129



І сапраўды, наўрад ці нешта магло «давесці» маладога купца.

— Адно толькі шкада — пакупцоў адахвочвае, — пазяхнуў гаспадар. — Як прыйдуць. «Што гэта ў вас, нябожчык?» — дый пойдуць. Такія страты.

— Нічога, мы не баімся, — сказаў Кірдун. — Паказвайце стрэльбы.

— Ды глядзіце, чаго там, — і Сураў узяў «за фук» прыказчыкаву дамку.

— Азіяцкія працэдуры — няўхвальна сказаў Чыўін, слухаючы галоснае чытанне старога.

— Цішэй бы, — сказаў яму Кірдун. — Пачуе.

— Гаварыце, — пазяхнуў Сураў. — Глухі ён.

І тут у гэтым цёмным і халодным кутку маскоўскага «сіці», пакупцам нечакана пашанцавала. Акрамя паляўнічых, няхай і дальнабойных, стрэльбаў у апошнім кутку былі штабелем складзены штуцары. Штук сто пяцьдзесят. Даўгаствольныя, вузкія, збольшага зусім новыя, а калі і пашкоджаныя, то пашкоджанні можна было ліквідаваць у звычайнай кузні: замена іглы, выдраная антабка, іншая лухта.

— Ах, каналлі, — у Кірдуна трэсліся рукі. — Во пашанцавала. Як, ты скажы, сапраўдны збіцень знайсці?

— Гэта цяжка, — пазяхаў Сураў. — Цяпер хіба збіцень. Намяшаюць дзярма з мёдам — і ўсё. Збіцень цяперака толькі ў адзінак добры: мёд, зверабой, фіялкавыя карэнні, стручковы перац, імбір, шалфей.

Чыўін пакруціў пальцам ля лоба.

— Адкуль гэта ў вас? — спытаў Алесь.

— Бацька яшчэ пасля крымскай кампаніі купіў.

«А ў салдат былі непрыдатныя стрэльбы», — з горыччу падумаў Алесь.

|< Пред. 48 49 50 51 52 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]