Страница:
51 из 129
Штуцары запакавалі на месцы, і прыказчыкі сцягнулі гэта ўсё на ламавікоў. Алесь баяўся, каб не пакінуць за сабою хваста… Скрыні адразу павезлі на другі, зняты тым часам, склад. І Загорскаму, як заўсёды пасля чарговай куплі, стала лягчэй. Ён ведаў: сотнямі такіх ручаін сплывае ў сховішчы зброя. Зброя, да якой, з часам, аж прыкіпяць рукі.
Ён нават з нейкай павагай глядзеў на пачварнага старога над «Бібліяй». А той сядзеў над жоўтай кнігай, як сава, і з праваленага рота далятала пагрозлівае:
— Сіцэ… абіе… ізыдох…
І раптам стары Сураў узняў нялітасцівыя вочы:
— Штуцарамі цікавішся, барын?
— Рознай зброяй.
— Угу… рознай, — шэптам сказаў «глухі». — Гэта мы ведаем. Чаем гандлюеш?
— Чаму?
— У Кяхту мы штуцары спрадавалі. Там патрэбна. Адным хунхузам зброю, ды другім кітайцам зброю, ды прыказчыкам… Глядзіш, караванам бяспечна.
— Я — не туды.
— А мне твае гандлёвыя таямніцы непатрэбныя. Я гандаль кінуў. Я — пры Богу. «Біблію», бачыш, чытаю… — стары ўсміхаўся. — То ты, можа, і Тайніцкія гарматы* купіў бы?
* У Тайніцкай вежы Крамля стаялі гарматы, з якіх у «царскія дні» давалі сто адзін выстрал.
— Нашто мне яны? — засцярогся Алесь.
— У нас народ такі, могуць і гэта, — стары пачамкаў ротам. — А ты ідзі ў Бубнаўскі тракцір. Знайдзі там Бабкіна Пуда Іюдавіча… Скажы, «начотчык загадаў прыкалоць флейты ад кіслай воўны па ер-ведзі-он».
«Вось табе і «пры Богу», — падумаў Алесь.
|< Пред. 49 50 51 52 53 След. >|