Зброя   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 54 из 129

А то, можа, і смерць прынялі б… Ды ты унь сам зірні…

Пасярэдзіне вуліцы некалькі чалавек замяталі мётламі гразь. Былі сярод іх два масцеравыя, абцёрханы фацэт, старая ў лахманах і нават маладая жанчына з празрыстым тварам. На спіне ў кожнага крэйдай быў намаляваны крыж, заключаны ў кола. А вакол стаяў і смяяўся народ:

— Гэй там, франта, аптэкар, ты як мятлу трымаеш?

— Кіньце яму, хлопцы, пячонкі. Не нажэрся.

У маладой жанчыны твар быў чырвоны, а вочы вільготныя.

— Гэй, шлюшка, табе кажу. Ты, як адпусцяць, адрасок запомні. На Пятніцкай вуліцы, дом ягонага сцяпенства Плытава… Гэта лягчэй, прыемней.

— Укралі, — змрочна сказаў Чыўін. — Учора ля часці падмяталі, начаваць ішлі ў астрог — на вяроўцы. Сёння вось ля ўстаноў мятуць, а вечарам трапяць у спіскі зладзеяў і — на ўсе чатыры бакі. А куды ім цяпер?… Вось хаця б гэтая. Што яна магла ўкрасці? Булку, пэўна? Здарылася нешта з прыстойнай дзеўкай, работы няма. На вуліцу такой ісці — за смерць страшней.

— Дальбог, прыходзь, — пацяшаўся «сынок». — Што табе на мост ісці? Масква-рака цяпер халодная. У мяне — цяплей будзе.

— А пойдзе, — ціха сказаў Чыўін. — Пойдзе на мост. З такім тварам — пойдзе.

Твар у жанчыны, сапраўды, быў страшны. Змардаваны ганьбою і сорамам, чорны ад сарамотнейшага здзеку.

— На Пятніцкай, — скаліў зубы «сынок».

Але не паспеў апамятацца. У паветры раптам мільганулі ногі сцяпенства. У наступны момант ён усім целам ляснуўся аб ліпучы брук. Чыўін зноў узняў яго і, з дыхаўкай — адкуль набраліся старэчыя сілы? — шыбануў, упоперак, аб мур.

|< Пред. 52 53 54 55 56 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]