Апавяданне без канца (на белорусском языке)   ::   Чигринов Иван

Страница: 4 из 12

I не зрабiў нiчога, адно што ўзяўся за вудзiльна. Але на Пычавым беразе захадзiла ўсё хадуном, зрабiлася раптам шумна, быццам неспадзявана хто запоўнiў, як пляшку, усю пустэчу, якая да гэтага была тут.

- А, рыбак, - гаварыў ён паблажлiва, i я ўжо бачыў яго такiм, якiм быў ён учора ў садзе; быццам толькi што не сядзэў на Пычавым беразе адзiнокi i заклапочаны чалавек, якога варта было пашкадаваць.

- Ты, мусiць, не адсюль? - I сам адказваў: - Канечне, не адсюль. А то ж я адразу цябе пазнаў бы, нягледзячы на тое, што ўжо дваццаць гадоў не быў тут. Я, брат, на пароду памятлiвы. Дык я, малады чалавек, маю сказаць табе, што на гэтым Пычавым беразе...

Гаварыў ён спакойна, важна, уладна. I ўвесь час стараўся быць дружалюбна абыякавым.

Гаворкай сваёй ён нiбы закалыхваў.

Ён меў нешта сказаць мне пра Пычаў бераг. Але ж я таксама меў што сказаць яму. Напрыклад, пра тое, як памiрала яго жонка.

...Тым летам над тутэйшымi пясчанымi пагоркамi стаяла засуха. Яравыя гарэлi на коранi, а жыта, пасмяглае, нiзкарослае, было пустое.

Дажджы iшлi стараной.

Але прывiды голаду не палохалi людзей.

- Нябось, зямля вялiкая, дзе-небудзь зародзiць, - гаварыў хто-небудзь, i ўсёй вёсцы перадавалiся яго спакой i развага.

- Хлеба прывязуць у краму...

Але пасля гарачынi, калi на зямлю прыходзiў вечар, нехта ўсё ж валачыў за вёскаю плуг, пракладваючы паўз гумны збавiцельную баразну; нехта насiў да возера чужы частакол...

Пясок на дарогах перагараў на мяккi прысак.

|< Пред. 2 3 4 5 6 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]