Дзённик (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
3 из 26
Мне i самому ўсё гэта нядобра, але тады не напiсаць гэтага я не мог.
8 лiпеня 1944 г.
Вострае ўзбуджэнне з прычыны вызвалення Менску ападае. Я ўжо спакайней працую. За ўчора i сёння давёў да канца другi раздзел "Скiп'ёўскага лесу". Мучуся ад паняверкi, што батальныя сцэны мае не што iншае, як глупства. Хоць бы хутчэй ужо дапасцi да таго, калi можна будзе на ўсе бокi паказваць душу Канстанцiна Прыбыткоўскага. Думаў многа пра тое, што трэба вырысоўваць разнастайныя тыпы нашага народа. Буду кiравацца сам сваiмi думкамi, якiя сфармулiраваў у сваiх артыкулах-перадавых у № 1 часопiсу "Беларусь" "Дзень добры, Беларуская зямля" i № 3 "За шчасце народа". Учора ўвечары быў нешта ў трывозе i неспакоi.
9 лiпеня 1944 г.
Зранку ездзiў з Цiмахом у Iзмайлаўскi парк. Тры гадзiны мы адседзелi на пнёх. Я расказваў што-нiшто з гiсторыi мястэчка Цiмкавiч i характар i паходжанне цiмкаўцоў i iх прозвiшчаў. З сямi да дзевяцi падвечар пiсаў "Скiп'ёўскi лес". Думаю аб драме. Чытаў Л. Ляонава ў "Правде" "Взятие Великошумска", i паняверка мая, што "Скiп'ёўскi лес" пiшацца вельмi дрэнна, зменшылася.
Думаю аб той горкай праўдзе, што нiколi не меў магчымасцi пiсаць тое, што самае важнае беларускай лiтаратуры i дзе б я сапраўды павярнуў бы горы. А то ўсё пiшу на ўсялякiя прамежныя тэмкi, пасля якiх думаў, што пазатыкаю горлы дурням i брахуном i тады ўжо вазьмуся за тое вялiкае, што хачу i магу напiсаць. Дай божа па-сапраўднаму ачуняць. Пасля вайны буду пiсаць як хачу i магу.
10 лiпеня 1944 г.
Сёння рана пайшоў у рэдакцыю.
|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|