Дзённик (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
5 из 26
Думаў, пакуль яшчэ там нiкога не было, пiсаць непатрэбную працу: перадавы артыкул у "Беларусь" № 5. Артыкул ужо напiсаны, але цэнзар вымагае, каб там было як найбольш шаблону. Ратуй мяне божа ад гэтай работы больш. Аднак жа ў рэдакцыi нiчога не рабiў, бо адразу найшло людзей, i падняўся гармiдар, i ўсе мае дуды вобземлю.
Сазванiўся з Глебкам12 у выдавецтве. Ужо з тону яго гаворкi ў тэлефон пачуў, што ён нейкi нецярплiвы. I сапраўды. Са мною ён нiчога не гаварыў, апроч дзвёх якiх фразаў, якiя ён мог бы сказаць i не мне, i якiя я мог бы пачуць i не ад яго. Я адразу i пайшоў. I яму было ўсё роўна. Адным словам, яму нi да мяне i нi да кога, хто не п'е гарэлкi. Яго губiць не гарэлка, а тое, што ён менш за ўсё Пятро Глебка, а найбольш "Нонiк", цi, як яго звала цешча, "Нёнiк". Пястунчык. Пасля таго, калi Купала ўпаў з дзесятага паверху гасцiнiцы "Масква" i сканаў, Глебка сказаў быў мне: "Ён жыў як паэт, i памёр як паэт". У гэтай фразе ўвесь Глебка-Нонiк. Ён хоча жыць, як "паэт", гэта значыцца, як матыль у бляску дня. Гэта i вечны кавалерчык i п'янiца. "Суждены нам благие порывы, но свершить нам ничего не дано"13. Ён самы асвечаны i культурны з усiх сённяшнiх жывых беларускiх пiсьменнiкаў i самы большы абладальнiк яснай думкi. Вышэйшая асвета дала яму вялiкую карысць. Яго талент узбагачан думкаю, ясным розумам. Кафедра беларускага ўнiверсiтэта была б ашчаслiўлена такiм прафесарам. Але ж, бачыце, i "жыць як паэт".
|< Пред. 3 4 5 6 7 След. >|