Дзённик (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
4 из 26
Там пiсаў, пакуль нiкога не было. Цяпер каля шасцi гадзiн па паўднi. Сумна, пайсцi няма да каго, нашы бадай што ўсе ўжо то ў Гомелi, то ў Менску. Адзiная мая ўцеха ў працы, яна мяне ратавала заўсёды. Калi ўжо заеду ў Менск, тады не будзе смутку. А сёння яшчэ да вечара многа пiсаць трэба.
8 жнiвеня
Колькi чаго парабiлася за месяц! Ужо i ў Менск незадоўга. Можа, ужо будзе свой сталы прытулак, i, можа, мне суджана яшчэ пабачыць мiлыя Цiмкавiчы. А што, калi i хата мая асталася i стаiць? Гэта будзе вялiкае шчасце. Там жа, у цiхiм жыццi можна будзе ачуняць як мае быць i напiсаць усе задуманыя раманы.
Прыязджала з Менска Хайноўская7. Яна асталася такая ж мiлая, разумная i практычная ў самым найлепшым сэнсе. Усё ўмее i можа зрабiць i ўсё ацанiць праўдзiва. Яна казала: "Адна з вашых сёстраў увосень сорак першага году прыязджала ў Менск шукаць вас". Анюта8 гэта цi Маша9? Мiлая Маша, у годы майго студэнцтва яна была мне як мацi. У часы ўсiх маiх няшчасцяў гэта была шчырая сястра. Яна i Рэня10 - самыя мне блiзкiя. Калi жыва яна цяпер i здарова! Ужо больш як месяц нiяк не магу напасцi на яе след. Апошнiя днi вельмi трывожыўся аб гэтым. Зiмою дзевяцьсот дваццаць шостага года многа пiсаў пра яе ў дзённiку11.
9 жнiвеня
Я сам не свой увесь гэты час. У Маскве страшна аставацца далей жыць. Гэты вялiкi горад не дасць мне як мае быць ачуняць. I жыць не ў Беларусi больш не магу. А дзе жыць у Менску? I як там жыць на попелiшчы? Што там есцi? Пайшоў сёння рана ў рэдакцыю.
|< Пред. 2 3 4 5 6 След. >|