Казки (на белорусском языке) :: Киплинг Редьярд
Страница:
45 из 92
Я згодзен дапамагаць твайму Мужчыне паляваць, буду сцерагчы па начах вашу Пячору.
- Ах, - сказаў Кот, слухаючы iх размову, - якi дурны гэты Сабака!
I ён пайшоў прэч, прабiраючыся па Дзiкiм Лесе i дзiка махаючы сваiм дзiкiм хвастом. Але пра ўсё, што бачыў, нiкому не сказаў нi слова.
Прачнуўшыся, Мужчына запытаў:
- Што тут робiць Дзiкi Сабака?
I адказала Жанчына:
- Яго iмя ўжо не Дзiкi Сабака, а Першы Друг, i ён будзе нам другам на векi вечныя. Як пойдзеш на паляванне, клiкнi яго з сабою.
На другi вечар Жанчына нарэзала на залiўных лугах вялiкi ахапак травы i расклала яе сушыцца каля агню, i, калi пайшоў ад сена такi пах, як ад свежаскошанай травы, яна села каля ўвахода ў Пячору, зрабiла з конскай шкуры вуздэчку i, утаропiўшыся ў плечавую барановую костку - на шырокую вялiкую лапатку, - зноў узялася чараваць i запела чараўнiчую песню.
I зноў у Дзiкiм Лесе сабралiся ўсе Дзiкiя Звяры i, пазiраючы здалёк на агонь, абмяркоўвалi, што б такое магло здарыцца з Дзiкiм Сабакам. I вось Дзiкi Конь дзiка тупнуў дзiкай нагой i сказаў:
- Пайду пагляджу, а потым раскажу, чаму Дзiкi Сабака не вярнуўся. Кот, хочаш - пойдзем разам?
- Не, - адказаў Кот, - я, Кот, хаджу дзе хачу i гуляю сам сабою, iдзi адзiн.
Але на самай справе ён цiхенька пракраўся за Дзiкiм Канём, ступаючы цiха i мякка, i забраўся ў такую мясцiнку, адкуль было чуваць усё.
|< Пред. 43 44 45 46 47 След. >|