Казки (на белорусском языке)   ::   Киплинг Редьярд

Страница: 5 из 92

Жывёлы з першых жа дзён пачалi служыць Чалавеку. Але ў Страшэнна-Панурай Пустынi жыў Страшэнна-Пануры Вярблюд, якi i не думаў працаваць. Ён еў сухiя калючкi, жорсткiя галiнкi, тамарыск, цярноўнiк i кару, але працаваць нiзашто не хацеў, - такi несумленны гультай! I што б нi казалi яму, ён на ўсё адказваў:

- Гррб!

Толькi "Гррб" - i болей нiчога.

Вось аднойчы, у панядзелак ранiцой, прыйшоў да яго Конь. На спiне ў Каня было сядло. У зубах вуздэчка.

- Вярблюд, а Вярблюд! - сказаў ён. - Iдзi да Чалавека i пачнi бегаць трушком, як бегаем мы.

- Гррб! - адказаў Вярблюд, а Конь пайшоў да чалавека i расказаў яму ўсё.

Неўзабаве пасля гэтага да Вярблюда прыйшоў Сабака. У яго ў зубах была палка. Ён прыйшоў i сказаў:

- Вярблюд, а Вярблюд! Iдзi да Чалавека, навучыся хадзiць разам з iм на паляванне, як мы.

- Гррб! - адказаў Вярблюд, а Сабака пайшоў да Чалавека i расказаў яму ўсё.

Неўзабаве пасля гэтага прыйшоў да Вярблюда Бык. У Быка на шыi было ярмо. Ён сказаў:

- Вярблюд, а Вярблюд! Iдзi да Чалавека i ары зямлю, як аром мы.

- Гррб! - адказаў Вярблюд, а Бык пайшоў да Чалавека i расказаў яму ўсё.

Увечары Чалавек паклiкаў Каня, Сабаку i Быка i сказаў:

- Конь, Сабака i Бык, мне вельмi вас шкада (свет жа быў зусiм яшчэ новы!), але звер, якi крычыць "гррб" у Пустынi, не здольны нi да якой работы, а то б ён даўно прыйшоў да мяне. Хай сабе жыве ў сваёй Пустынi, я не крану яго, але вам давядзецца працаваць удвая больш - i за сябе i за яго.

|< Пред. 3 4 5 6 7 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]