Казки (на белорусском языке)   ::   Киплинг Редьярд

Страница: 56 из 92

I ён разумеў, што гавораць дрэвы, калi яны шамацяць лiсцем на досвiтку. Ён разумеў усiх - i асу, i лiсу, i ясень у лесе. I прыгожая царыца Балкiда, яго Першая i Галоўная царыца, была амаль гэтакая ж мудрая.

Сулейман-iбн-Дауд быў магутны. На сярэднiм пальцы правай рукi ён насiў залаты пярсцёнак. Варта было яму пакруцiць гэты пярсцёнак, як з-пад зямлi выляталi Афрыты i Джыны i рабiлi ўсё, што ён пажадае iм загадаць. А варта было яму пакруцiць пярсцёнак два разы, з неба спускалiся Феi i рабiлi таксама ўсё, што ён загадае. Калi ж ён пакручваў свой пярсцёнак тры разы, перад iм з'яўляўся з мячом сам вялiкi анёл Азраiл у адзеннi звычайнага ваданоса i паведамляў яму пра ўсё, што адбываецца на зямлi, на небе i пад зямлёю.

I ўсё-такi Сулейман-iбн-Дауд быў чалавек вельмi сцiплы. Ён амаль нiколi не выхваляўся, а калi яму i здаралася пахвалiцца, ён пасля шкадаваў аб гэтым i каяўся.

Аднойчы ён абвясцiў, што хоча накармiць за адзiн дзень усiх звяроў, якiя толькi iснуюць на свеце, але, калi ён прыгатаваў яду, з глыбiнi мора выплыў нейкi вялiкi Звяруга i зжор усё за тры глыткi. Сулейман-iбн-Дауд быў вельмi здзiўлены i сказаў:

- О Звяруга, хто ты такi?

I Звяруга адказаў:

- О валадар! Будзь здаровы на векi вякоў! Я сама маленькi з трыццацi тысяч братоў, i мы жывём на дне мора. Мы дачулiся, што ты хочаш накармiць усiх звяроў, якiя толькi ёсць на свеце, i мае браты паслалi мяне даведацца ў цябе, цi хутка будзе абед.

|< Пред. 54 55 56 57 58 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]