Казки (на белорусском языке)   ::   Киплинг Редьярд

Страница: 57 из 92



Сулейман-iбн-Дауд быў страшэнна здзiўлены i сказаў:

- О Звяруга, ты зжор увесь абед, што прыгатаваў я дляўсiх звяроў, якiя толькi ёсць на свеце.

I сказаў яму Звяруга:

- О Валадар, будзь здаровы на векi вякоў! Але няўжо ты i сапраўды называеш гэта абедам? Там, адкуль я прыйшоў, кожнаму з нас трэба ў два разы больш яды, каб перакусiць памiж абедам i вячэрай.

Тады Сулейман-iбн-Дауд павалiўся нiцма перад iм i ўсклiкнуў:

- О Звяруга, я прыгатаваў гэты абед, каб паказаць усiм, якi я вялiкi i багаты цар, а зусiм не таму, што я i папраўдзе люблю звяроў. Цяпер я пасаромлены, i хай будзе мне гэта добрай навукай.

Сулейман-iбн-Дауд быў i напраўду мудрэц, мой любенькi хлопчык. Пасля гэтага выпадку ён ужо нiколi не забываўся, што выхваляцца неразумна. I вось цяпер якраз i пачынаецца сапраўдная казка.

У Сулеймана-iбн-Дауда было много жонак. У яго было дзевяцьсот дзевяноста дзевяць жонак, калi не лiчыць найпрыгажэйшай Балкiды. Усе яны жылi ў вялiкiм залатым палацы пасярод цудоўнага саду з фантанамi.

На самай справе Сулейману-iбн-Дауду зусiм не патрэбны былi дзевяцьсот дзевяноста дзевяць жонак, але ў тыя часы кожны меў па некалькi жонак, так што цар, вядома, мусiў браць сабе яшчэ больш, каб паказаць, што ён цар.

Адны з iх былi красунi, другiя проста ўродзiны. Непрыгожыя вечна варагавалi з красунямi, i тыя ад гэтага таксама рабiлiся пачварамi, i ўсе яны сварылiся з Сулейманам-iбн-Даудам, што прычыняла яму вялiкiя пакуты. Адна толькi цудоўная Балкiда нiколi не сварылася з Сулейманам-iбн-Даудам, бо дужа яна кахала яго.

|< Пред. 55 56 57 58 59 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]