Казки (на белорусском языке) :: Киплинг Редьярд
Страница:
58 из 92
Яна альбо сядзела ў сябе ў залатым палацы, альбо гуляла па садзе, i ёй было вельмi шкада Сулеймана-iбн-Дауда.
Вядома, каб ён захацеў пакруцiць у сябе на пальцы пярсцёнак i паклiкаць Джынаў i Афрытаў, яны ператварылi б усiх яго дзевяцьсот дзевяноста дзевяць жонак у белых аслiц, або ў хартоў, або ў зярняткi граната. Але Сулейман-iбн-Дауд баяўся зноў аказацца выхвалякам.
Таму, калi яго крыклiвыя жонкi сварылiся ўжо занадта моцна, ён толькi сыходзiў у зацiшны куточак свайго саду пры палацы i праклiнаў тую часiну, калi ён нарадзiўся на свет.
Аднойчы здарылася так, што яны сварылiся ўжо тры тыднi запар - усе дзевяцьсот дзевяноста дзевяць жонак. Сулейман-iбн-Дауд сышоў ад iх, як звычайна, у цiхi закутак саду. I сярод апельсiнавых дрэў ён сустрэў Балкiду Найпрыгажэйшую. I яна сказала:
- О пане мой, святло вачэй маiх, пакруцi ў сябе на пальцы пярсцёнак i пакажы гэтым эгiпецкiм, месапатамскiм, кiтайскiм, персiдскiм царыцам, якi ты вялiкi i грозны валадар.
Але Сулейман-iбн-Дауд захiтаў галавою i адказаў:
- О панi мая, радасць жыцця майго, успомнi Звяругу, што выплыў з марской глыбiнi i асарамацiў мяне перад усiмi звярамi, якiя толькi ёсць на зямлi, за тое, што я надумаўся павыхваляцца. Цяпер, калi я пачну выхваляцца перад гэтымi персiдскiмi, абiсiнскiмi, кiтайскiмi, эгiпецкiмi царыцамi толькi таму, што яны дакучаюць мне сваёю балбатнёю, я магу яшчэ горш асарамацiцца.
|< Пред. 56 57 58 59 60 След. >|