Казки (на белорусском языке) :: Киплинг Редьярд
Страница:
69 из 92
"Шныпарыць i Выведваць" - напiсана на сямейным гербе ў мангустаў, а Рыкi-Цiкi быў чыстакроўны мангуст. Ён прыгледзеўся да ваты, сцямiў, што яна не прыдатная для яды, абабег наўкол усяго стала, сеў на заднiя лапы, упарадкаваў сваю шэрстку, а тады ўскочыў хлопчыку на плячо.
- Не бойся, Тэдзi, - сказаў Вялiкi Чалавек. - Гэта ён хоча з табой пасябраваць.
- Ай, ён казыча мне шыю! - ускрыкнуў Тэдзi.
Рыкi-Цiкi зiрнуў яму за каўнер, панюхаў ягонае вуха i, спусцiўшыся на падлогу, пачаў церцi сабе нос.
- Дзiўна! - сказала Тэдзева мацi. - I гэта называецца дзiкi звярок! Па-мойму, ён таму такi ручны, што мы былi добрыя да яго.
- Мангусты ўсе такiя, - сказаў яе муж. - Калi Тэдзi не будзе падымаць яго з падлогi за хвост i не надумае садзiць яго ў клетку, ён астанецца ў нас i будзе круцiцца каля дома... Дамо яму чаго-небудзь з'есцi.
Яму далi маленькi кавалачак сырога мяса. Мяса яму страшэнна спадабалася. Пасля снедання ён зараз жа пабег на веранду, прысеў на сонейку i распушыў сваю шэрстку, каб высушыць яе да самага карэння. I адразу ж яму стала лепш.
"У гэтым доме ёсць нямала такога, што я павiнен выведаць як мага хутчэй. Маiм бацькам за ўсё жыццё не даводзiлася выведаць столькi. Астануся тут i выведаю ўсё, як ёсць".
Увесь гэты дзень ён толькi i рабiў, што шныпарыў па ўсiм доме. Ён ледзь не патануў у ванне, ён ткнуўся носам у чарнiла i зараз жа пасля гэтага апёк сабе нос аб цыгару, якую палiў Вялiкi Чалавек, бо ўзабраўся да Вялiкага Чалавека на каленi - паглядзець, як пiшуць пяром на паперы.
|< Пред. 67 68 69 70 71 След. >|