Мураваны скляпок (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница:
10 из 21
Кожны стараўся сапхнуць другога з прызбы пад акном, заняць яго месца, замест яго самому ўкласцi губы ў шыбу i гукнуць на ўсе жылы:
- Дойла!
У першы вечар Тоня Базылькевiч яшчэ нiчога не разумеў. У другi вечар ён пачаў здагадвацца, а ў трэцi вечар ён ужо ганяўся па вулiцы з дручком.
- Дойла! Дойла! - аж разлягалася на ўсю вулiцу. Што ён нi рабiў, гэты Тоня Базылькевiч: i скардзiўся крыкуновым бацькам, i скардзiўся крыкуновым дзецям, i стараўся не браць на ўвагу - нiчога не памагала. Даволi было яму хоць раз выйсцi з цярплiвасцi i выскачыць на вулiцу з цапiльнам цi з млёнам, крык "Дойла, Дойла!" пачынаўся з новай сiлай. Так што канец вайны i рэвалюцыю Тоня Базылькевiч спаткаў ужо з як мае быць усталяванай мянушкай.
- Здарова, Насця, - сказаў Тоня Базылькевiч, хiтра ўсмiхаючыся. "Зараз скажу табе такое, ад чаго ў цябе закружыцца галава i затрапечацца сэрца", гаварылi ўсе выразы яго твару.
Насцi кiнулася ў вочы, што ў яго над вухам некалькi сiвых валасоў. Яму кiнулася ў вочы, што ў Насцi занадта ўжо нешта падазроныя дзве маршчынкi каля пераносся: па адной пад кожным вокам.
Можа б, пераборлiвая Насця, маючы на ўвазе свае маршчынкi пад вачыма, i была б iнакшая ў дачыненнi да Тонi, каб ён адразу не ўзяў такога залiхвацкага тону.
|< Пред. 8 9 10 11 12 След. >|