Мураваны скляпок (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 11 из 21

А то ён спачатку нейк вельмi ж нястала падмiргнуў Насцi некалькi разоў, пасля, думаючы ўзяць яе жартам, пекануў ёй у самае сэрца:

- Што ў цябе пад вачыма робiцца?

- Чаму, можа, у сажу запэцкалася?

- Дзе там у сажу! Раўчукi ад старасцi!

Вядома, Тоня Базылькевiч, ды яшчэ i Дойла! Ён прывык бярвенне варочаць, а не далiкацтва каля дзяўчыны мець.

"Якая там к чорту старасць, - думаў ён, ядучы вачыма яе локцi, шыю i ногi, - такая яшчэ дзявуха, што чорт ёй i рады дасць".

Тоня падсунуўся блiжэй. Насця маўклiва глядзела сабе пад ногi. Тоня двума словамi сфармуляваў тое, што яна апошнi час адчувала. Гады праходзяць, даўно пара замуж. Можа, нават хоць за гэтага самага Тонiка, якi калiсьцi сапраўды яе любiў. Яна гэта добра ведала.

Яна яго тады таксама сапраўды-такi, калi цяпер падумаць, можна сказаць, любiла. У кожным разе, яна тады хацела, каб ён часцей прыходзiў, каб трымаў яе за рукi. Але як жа за яго iсцi было замуж, каб ён нават i пасватаўся? Iрвацца з iм у такой нечалавечай рабоце? А не рвучыся, то навек прападзеш: пойдуць дзецi, трэба будзе iх адзяваць i кармiць, трэба будзе даць iм у рукi якi-небудзь спосаб жыць. Зямлi даць? А дзе яе ўзяць?

Вядома, з такой дакладнасцю Насця нiколi не думала, але атмасфера такога абмеркавання навiсала, стварала пэўныя настроi i паставiла перад вачыма постаць Тонi Базылькевiча ў святле яго вечнай заклапочанасцi, неахайнасцi ад вечнай работы, яго няроўнай паходкi, як быццам яго ногi былi так натруджаны, што на iх i стаяць спрытна ўжо нельга. Так дваiлася Тонева постаць. Чым больш да яго гарнулася душа, тым больш памiж iмi вырастаў парог. I нарэшце Насця пераканала сябе: нiчога не павiнна быць у яе з Тонем. А тым часам Тоня не пасватаўся, i так усё ўсталявалася. Аднойчы за Насцяю пацягаўся крыху нейкi заезджы семiнарысцiк.

|< Пред. 9 10 11 12 13 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]