Мураваны скляпок (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 9 из 21



Раз,у гарачы поўдзень, ён вёз з лесу даўжэзную хвою. Конь так змучыўся ў хамуце ад цяжкасцi воза i ад балючай назолы аваднёў, што ў вулiцы стаў i не мог нейкi час крануцца з месца. Запараны да сёмага поту, Тоня Базылькевiч прысеў на дзеравячыну i охнуў:

- Ох, каб ты выгарала!

I пачаў выцiраць рукамi лоб. Перадыхнуўшы з хвiлiну, ён пачаў падварушваць каня.

- Но, малы, но! - пагукваў ён, як i заўсёды, нiкога i нiчога не заўважаючы навокал сябе, апроч таго, чым заняты.

- А браткi, а дойла ж ззаду вiсiць! - пачуўся голас нейкага дванаццацiгадовага ўрвiцеля.

- Якое дойла, у каго?

- У каго ж! У Тонiка Базылькевiча.

- Але, хоць ты падой яго, - спавагу абазваўся сталы гаспадарскi голас.

Тоня Базылькевiч азiрнуўся i ўбачыў, што навокал яго аж кiпiць натоўп дзяцей, а наводдалек стаiць гурт мужчын.

- А ў яго заўсёды штаны вiсяць, як у каровы вымя.

Хтосьцi зарагатаў, а самы сталейшы заўважыў:

- Вядома, чалавек вечна пры рабоце. Няма часу носа ўцерцi, а не то каб штаны там яшчэ падцягваць.

З гэтага моманту ўсе пачалi бачыць тое, чаго раней не бралi на ўвагу; сапраўды, у вечна занятага сваёй работай Тонi Базылькевiча штаны нiколi не бываюць на сваiм месцы: крэсла абвiсае да кален. I ён, з-за клопатаў, не заўважае гэтага.

Увечары пад яго акном iшла работа. Натоўпам дзецi (а сярод дзяцей былi i не зусiм дзецi: адзiн з такiх "не зусiм дзяцей" меў сорак тры гады, лысiну i сiвыя вусы) кiшэлi на Тонiкавай прызбе.

|< Пред. 7 8 9 10 11 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]