Мураваны скляпок (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 12 из 21

I гэта надало яе думкам выразны паварот: прыгажосцi сваёй яна нiколi не будзе губiць з Тонем Базылькевiчам. На свеце ёсць настаўнiкi, чыноўнiкi на пошце. А то яшчэ падкруцiўся малады ляснiчы i пачаў на яе прыглядацца. I хоць ён быў проста-такi непрыемны на выгляд (дзюбасты нос i барада як прыпек у добрай варыстай печы), але ж затое ён ляснiчы! Ён падараваў ёй два флаконы духоў - "Резеда" i "Букет моей бабушки". Дзе ўжо там было небараку Тоню ўлазiць у гэтую "резеду".

Цяпер Тоня шапнуў Насцi:

- Нагнiся, Насця, нешта скажу на вуха.

"Зараз нагнецца, я скажу, каб iшла за мяне замуж, яна, мусiць, будзе маўчаць, я абнiму яе, тады яна прыцiснецца да мяне, i скончан увесь iнтэрас". Так думаў Тоня Базылькевiч. А тым часам Насця i сапраўды як бы пачала нахiляцца да яго, але толькi на тое, каб угледзецца ў яго валасы над вушамi i сказаць зусiм не такiм тонам, якiм ён гаварыў ёй пра маршчыны пад вачыма:

- Ты калi ў люстэрка глядзiшся цi не?

- Чаму ж не, гляджуся.

- То ты, мусiць, ведаеш, якi ты стаў дэраш?

Тоня раптоўна адшатнуўся ад Насцi, уставiўшыся вачыма ў аконную шыбу. Так ён адчуў памiж сабою i Насцяй холад. Насця была злосная, але менш за ўсё на Тоню. Злосная яна была на сваё дзявоцтва i на першыя маршчынкi пад вачыма.

Яны сёе-тое гаварылi, найбольш маўчалi. Такi паганы стан цягнуўся з гадзiну. Нарэшце Тоня адкiнуў усе жарты ўбок i цiха выгаварыў пра свае намеры. Злосная Насця падумала: "Некалькi год ты i носа не паказваў, а гэта так, адразу".

|< Пред. 10 11 12 13 14 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]