Мураваны скляпок (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 14 из 21

Той аж бокi драў сабе з рогату. Можна было бачыць, што мельнiк знайшоў тут сабе чаканую праз гады ўцеху. Памучыўшыся з паўгадзiны, анямелы Тоня ўстаў i, не ведаючы, дзе дзецца, паспрабаваў яшчэ пашукаць разрыўкi ў рабоце. Ён сеў на свайго каня i паехаў на iм назад на выган. Але як толькi ён выткнуўся на канi са свайго двара, з-за шула вылезла Бiрылава вусатае аблiчча i аж заенчыла на ўсю вулiцу, захлёбваючыся рогатам:

- Дойла на Насцi едзе!

Тоня з усiх сваiх сiл разануў рэменем па нi ў чым не вiннай конскай галаве.

З гэтага моманту Тонiкавага каня празвалi "Насця", а ў Насцi пад акном у той вечар крычалi:

- Насця! Насця!

- Гэта ж яе iмя, - гаварылi сталейшыя людзi, але нiчога не памагала. У гэтым i была ўся музыка, што iмя ператварылася ў мянушку. Даволi было Насцi выйсцi на вулiцу, як адкуль-небудзь чуўся крык:

- Насця!

Праз некалькi дзён яна прыбегла з плачам, злосцю i крыкам да Тонi, але ён затупаў нагамi i прагнаў яе, не пусцiўшы нават i на ганак. Моцна плачучы, яна пайшла назад на вулiцу. Штосьцi зварухнулася ў яго сэрцы, i ён следам за ёй паказаўся з двара. Напэўна, ён хацеў ужо вярнуць яе назад, але ў гэты момант недзе з-за вуглоў галасоў пяць залямантавалi:

- Дойла! Насця! Дойла! Насця!

Тоня рвануўся назад у двор, схвастаў ламачынаю свайго каня i з енкам "Божа мой, Божа, да чаго я дажыўся" зачынiўся ў адрынцы i пралежаў там на саломе з паўсутак. Ён глядзеў у цёмную страху i думаў пра сябе i людзей.

|< Пред. 12 13 14 15 16 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]