Мураваны скляпок (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 16 из 21

Папацёмку ён праходзiў некалькi разоў з канца ў канец вулiцу, па шмат разоў спыняўся супроць Насцiнай хаты, стараючыся разглядзець праз асвечаную з сярэдзiны шыбу, што там робiцца i чым занята Насця.

Аднойчы, стоячы так пасярод вулiцы i прыглядаючыся да акон Насцiнай хаты, ён пачуў недзе як бы нейкi трэск. Было падобна, што дзесьцi, не зусiм далёка, ломяць дзверы або трашчыць так што драўлянае. Гукi iшлi як бы з глыбiнi Бiрылавай сялiбы (Бiрыла жыў праз некалькi хат). Вядома, каб гэта калi-небудзь раней, хоць бы тады, калi дамуроўваўся пакрысе скляпок, Тоня анiяк не ўзяў бы на ўвагу нейкага там шуму з Бiрылавага двара (нават i з чыйго-небудзь iншага). Цяпер жа трэба мець на ўвазе тое, што рабiлася з гэтым чалавекам. Ён быў як бы ў атмасферы нейкага рэзруху. Так бывае ў доме, з якога толькi што вынеслi хаваць нябожчыка. У гэтыя днi Тоня Базылькевiч нават раз зранку, толькi што ўстаўшы, трымаючы ў руках збанок з вадой, каб прамыць твар i вочы, нi з сяго нi з таго высвiстаў раптоўна разоў тры кракавяка, чаго з iм нiколi за ўсё жыццё не было. Трэба думаць, што думкi яго так iшлi навалай, што ён сам не заўважыў свайго кракавяка, прынамсi, ён хвiлiн тры прастаяў у акамянелай позе са збанком у руках. Цяпер ён, чуючы нейкi падазроны трэск дзесьцi ў нетрах Бiрылавай сялiбы, падаўся адразу туды. Ён ясна ведаў, што асабiста яму няма нiякай справы да гэтага. Але тут можа быць так: там робiцца што-небудзь важнае - можа, крадуць што, цi так што падобнае. Тады ён, дасканала дазнаўшыся пра гэта, кiнецца туды, дзе гуляюць хлапцы i дзяўчаты.

|< Пред. 14 15 16 17 18 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]