Мураваны скляпок (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 15 из 21

Паканчалiся войны, прайшлi рэвалюцыi, людзi паварочалiся з франтоў, былi партызанамi, пазаслужвалi ордэны, пажанiлiся, гадуюць дзяцей, пайшлi вучыцца. Зараз два сыны Тоневага суседа будуць дактарамi, а ён... Нават Насця, колiшняя дарагая Насця, плача i скардзiцца, што ён прычынiўся да таго, што яе iмя ператварылi ў мянушку.

Тоня ўсхапiўся з саломы i выскачыў на двор. Работа валiлася з яго рук. На чорта рабiць. Трымаючыся аберуч за галаву, ён пайшоў у глыб двара. Там важна стаяў сабе пад сваёй страхой даведзены да поўнага ладу мураваны скляпок. Здавалася, што нават i страха яго служыць па-залiхвацку набакiр. Каб ён быў выгараў, гэты скляпок, уся гэтая драбяза, якая жыццё глынула i шчасця не дала! Тоня ўбег у хату i кiнуўся да люстэрка. На яго глянуў аброслы, каравы твар, злямцаваныя валасы, сарочка чорная, як скаварада.

"Якое дзiва, што Насця не горнецца да мяне!"

Яму стала працiўна ўсё, работу ён зненавiдзеў, корпаўся на ёй нехаця, абы не пайшло ўсё марна. Тоня хадзiў як атручаны.

Кончылася восень, усталёўвалася зiма. Тоня Базылькевiч яшчэ нiколi не меў такога суму. Ён не мог вытрымаць у адзiноце свае хаты. Ён усё часцей i часцей заглядваў у люстэрка, праз кожныя дзён чатыры пачаў брыцца, вечарамi, прыадзеўшыся, выходзiў на вулiцу. Праўда, нi да якой кампанii ён не прыставаў: ён быў старэйшы за ўсiх тых, што збiралiся вечарамi гуляць, i яшчэ баяўся, што сярод хлопцаў знойдуцца тыя самыя крыкуны, што могуць абсмяяць яго мянушкай.

|< Пред. 13 14 15 16 17 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]