Мураваны скляпок (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 18 из 21

Здзiўлены Тоня хацеў спачатку запытаць, чаму гэта ўсё самiм гаспадаром робiцца, але старая закаранелая нянавiсць памiж iм i Бiрылам не дазволiла яму загаварыць. Так ён i пайшоў назад. Было позна, хлопцы i дзяўчаты разыходзiлiся. Тоня пераходзiў вулiцу ўпоперак, да сваёй хаты. Трое хлопцаў перанялi яго на дарозе:

- Тонiк, дзе ты быў гэта?

- От быў.

- Недзе да дзяўчат ходзiш i нам не кажаш?

- Вы мне таксама не кажаце, хэ-хэ.

- Ну бывай, Тонiк.

Яны пайшлi. Тоня падумаў: "Што ж, я iм i сапраўды як бы не сказаў нiчога. Можа, яны i някепскiя хлопцы. Але што iм сказаць?" Тут ён гукнуў iм наўздагон:

- Эй вы, ведаеце што? (Тыя сталi. Тоня падышоў да iх.) Бiрыла малатарню сам сваю ломiць.

Адзiн хлопец сказаў:

- Сам сваю? От дурань, няхай бы лепш табе аддаў, гэта ж твая работа, а ён табе не заплацiў.

I ён зарагатаў. Тоня абазваўся:

- Не заплацiў, халера.

Другi хлопец здагадаўся:

- Хадзем глянем.

Усе пайшлi i, чыркаючы запалкамi, убачылi паламаную малатарню.

Назаўтра к Тоню явiлася сельсавецкая камiсiя.

- Хадзем, Тоня.

- Куды?

- К Бiрылу ў гумно.

- Чаго?

- Як чаго? Ты ж сам агледзеў, а цяпер "чаго".

Бiрыла так загаварыў пра ўсё гэта:

- Каб так лiхi на свеце жыў i быў, як гэты Дойла бачыў, што я ламаў малатарню. Каб сваё ды ламаць?

- Цяпер гэта не тваё ўжо. I сам ты тут доўга не будзеш. А за тое, што псаваў, пойдзеш пад суд.

- Я не ламаў.

- От жа сведка.

- У гэтага сведкi вочы не свецяць. Ён на мяне ў злосцi. Ён сваiмi вачыма не мог бачыць. Гэта ж Дойла.

|< Пред. 16 17 18 19 20 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]