Мураваны скляпок (на белорусском языке)   ::   Черный Кузьма

Страница: 7 из 21

Аднойчы звечара ён выехаў на начлег. I прыехаў у той палетак, дзе даспяваў Бiрылаў авёс. Цэлую ноч ён пасвiў каня ў гэтым аўсе, а пад дзень сеў конна i разоў пяцьдзесят прагнаў каня дробным трухам туды i назад уздоўж палетка. Бiрылаў авёс ляжаў, як пласт, скручаны, зблытаны i змалочаны конскiмi капытамi. Тонеў конь аблiваўся потам. Тоня явiўся дадому i трывожна ўзяўся за работу. Бiрыла прыйшоў к яму апаўднi.

- Дзе ты сёння свайго каня ўночы пасвiў?

- На пакошы каля рэчкi.

- Чаму ж у мяне загона аўса няма?

- А адкуль я ведаю?

- Галаву знiму!

- Знiмi сабе, - адрэзаў Тоня, даведзены да роспачы хворымi вачыма, Бiрылам i нязвыклай справай глуму чужога ўраджаю.

- Гэта ты мне такую шкоду зрабiў!

- Што ты выдумляеш?

- Ты!

- Брэшаш! Абармот! Гад! Ашуканец! Падай мне мае грошы!

Раз'юшаны Тоня Базылькевiч хапiў даўбешку i кiнуўся да Сымона Бiрылы. Той ледзьве паспеў выскачыць на вулiцу. Такiм парадкам яны затаiлi адзiн да аднаго нянавiсць. Яна цяглася праз гады i нiколi не скончылася.

К канцу вайны Тонiк Базылькевiч набыў у сваю гаспадарку тое, што было патрачана на вочы. Вайна скончылася, i трэба было падумаць, каб ранейшыя вочы назад вярнуць. Але на гэта зноў трэба рашаць шмат што з гаспадаркi, каб пасля зноў такiм горам i бядой набываць. Яго мучыла думка пра гэта. Калi ён праходзiў па загуменню i глядзеў на зробленую iм Бiрылаву малатарню, нянавiсць душыла яго. Малатарня стаяла - новая, моцная, удалая, зробленая добрым майстрам з поўным сумленнем.

|< Пред. 5 6 7 8 9 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]