Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
52 из 117
Але ж няможна хацець смерцi ўсiх i нарэшце вынiшчыць усё чалавецтва, толькi каб карыстацца бязмежнай свабодай, якую iначай уявiць сабе немагчыма. Супраць гэтага паўставалi мае пачуццёвасць i любоў да людзей.
Адзiнае сапраўды глыбокае пачуццё, якое мне выпадала перажыць у любоўных iнтрыжках, была ўдзячнасць. Удзячнасць за тое, што ўсё iдзе добра, што мне нiхто не назаляе, удзячнасць да тых жанчын, якiя пакiнулi мяне ў спакоi i далi поўную свабоду дзеянняў. Я нiколi не быў такi мiлы i вясёлы з каханкай, як у тых выпадках, калi сустракаўся з ёю, толькi што пераспаўшы з другой. Я нiбы адчуваў сябе ў даўгу перад усiмi жанчынамi за тое, што даравала мне адна з iх. Але якой бы нi была блытанiна ў маiх пачуццях, сэнс iх заўсёды зводзiўся да аднаго: утрымаць сваю ўладу над усiмi, каб скарыстацца ёю ў любы зручны мне час. Я выдатна разумеў, што магу быць шчаслiвы толькi ў тым выпадку, калi ўсе людзi на зямлi - цi, прынамсi, як мага большая iх колькасць - будуць неадрыўна глядзець на мяне, вечна адданыя, пазбаўленыя прыватнага жыцця, гатовыя ў любы момант адказаць на мой поклiч, нарэшце - асуджаныя на бясплоднасць да таго самага дня, пакуль я не зраблю ласку асвяцiць iх сваiм жыватворным ззяннем. Словам, каб мне жылося шчаслiва, людзi, якiх я выбiраў, мусiлi наогул не жыць. Яны павiнны былi толькi зрэдку на нейкi час ажываць, калi на тое была мая воля.
Паверце, я зусiм не займаюся самалюбаваннем, расказваючы вам усё гэта.
|< Пред. 50 51 52 53 54 След. >|