Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
66 из 117
Але яе прычыны хавалiся намнога глыбей: я хацеў быць занядбаным, забытым, каб потым мець прыемную магчымасць паскардзiцца на гэта самому сабе. Ужо за некалькi дзён да славутай даты, пра якую я, вядома ж, выдатна помнiў, я рабiўся пiльны i ўважлiва сачыў, каб нiшто не магло засяродзiць увагу, нiшто не патрывожыла памяць тых, на чыю няпамятлiвасць я разлiчваў (аднойчы ў мяне нават узнiкла спакуслiвае жаданне пераблытаць лiсткi ў насценным календары!). Але нарэшце мая адзiнота была даказаная, i я мог спакойна аддацца ўцехам мужнага смутку.
Такiм чынам, кожная мая дабрачыннасць мела свой адваротны i намнога меней прывабны бок. Затое, калi на гэта зiрнуць iначай, мае хiбы абарочвалiся мне ж на карысць. Напрыклад, тое, што я быў вымушаны хаваць ад другiх заганы свайго жыцця, надавала мне халодны i непадступны выгляд, якi ўсе прымалi за непадкупную дабрадзейнасць, мая абыякавасць, а значыць, i непераборлiвасць у адносiнах да людзей, прыносiла мне iх любоў i ўдзячнасць, i нарэшце, учынкi, якiя я рабiў з чыстага эгаiзму, лiчылiся за вышэйшую велiкадушнасць. На гэтым пакуль што спынюся, бо залiшняя сiметрычнасць перашкодзiць маёй нагляднасцi. Дый, зрэшты, што там казаць - якi б я нi быў чэрствы, я нiколi не мог устаяць перад прапанаваным кiлiшкам вiна цi прывабнай жанчынай! Мяне ўсе лiчылi за дзейнага, энергiчнага чалавека, а маёю стыхiяй быў ложак. Я паўсюль крычаў пра сваю вернасць, але ў мяне, бадай, не было нiводнага сябра, якому б я нарэшце не здрадзiў.
|< Пред. 64 65 66 67 68 След. >|