Падзенне (на белорусском языке) :: Камю Альбер
Страница:
67 из 117
Здрады, праўда, нiколi не замiналi маёй адданасцi, я мог занядбаць добрую справу хiба праз сваю ленаватасць, але нiколi не адмаўляў у дапамозе блiзкаму чалавеку, калiзнаходзiў у тым асалоду. I ўсё ж дарэмна я паўтараў сабе гэтыя збiтыя iсцiны, яны мала мяне суцяшалi. Часам, уранку, я выклiкаў сябе на бязлiтасны суд i прыходзiў тады да высновы, што найбольшага поспеху мне ўдалося дабiцца ў сваёй пагардзе да iншых. Прычым больш за ўсё я пагарджаў менавiта тымi, каму часцей за другiх памагаў. З вялiкай пачцiвасцю i заўжды ўсхваляванай спагадай я, па сутнасцi, кожны дзень пляваў у твар усiм сляпым, якiх сустракаў на дарозе.
Ну скажыце, цi можа быць гэтаму нейкае апраўданне? У мяне, увогуле, адно было, але настолькi мiзэрнае, што яго нават няёмка прымаць пад увагу. Справа ў тым, што я быў проста няздольны паверыць, што чалавечыя клопаты могуць быць нечым сур'ёзным. У чым было гэта сур'ёзнае, я не ведаў, але тое, што я бачыў перад сабой, здавалася мне нейкай гульнёй - часам забаўнаю, часам нудлiвай. Мне былi абсалютна незразумелыя iмкненнi i намаганнi некаторых людзей. I я заўжды са здзiўленнем i недаверам глядзеў на тыя дзiўныя iстоты, якiя маглi загiнуць дзеля грошай, кiдалiся ў роспач, страцiўшы "грамадскае становiшча", цi з самавiтым выглядам ахвяравалi сабой дзеля дабрабыту сям'i. Куды лепей я разумеў таго сябра, якi ўбiў сабе ў галаву кiнуць палiць i праз неверагоднае напружанне волi нарэшце дабiўся свайго. Неўзабаве, адным прыгожанькiм ранкам, ён разгарнуў газету, прачытаў пра выбух першай ядзернай бомбы i, азнаёмiўшыся з яе чарадзейнымi якасцямi, не адкладаючы пабег у тытунёвую лаўку.
|< Пред. 65 66 67 68 69 След. >|