Салярыс (на белорусском языке) :: Лем Станислав
Страница:
16 из 239
Я круцiўся пад пругкiмi гарачымi струменямi, масiраваў цела, пырскаўся так старанна, нiбы хацеў змыць з сябе тую незразумелую, атраўленую падазрэннямi няпэўнасць, што перапаўняла Станцыю.
Я знайшоў у шафе лёгкi трэнiровачны касцюм, якi можна насiць i пад скафандрам, пераклаў у кiшэнi ўвесь мой скупы набытак; памiж старонкамi запiсной кнiжкi я адчуў штосьцi цвёрдае, гэта быў ключ ад маёй зямной кватэры, але я не ведаў, як ён трапiў туды. З хвiлiну я круцiў яго ў пальцах, не ведаючы, што з iм рабiць. Нарэшце паклаў на стол. Пасля прыйшло ў галаву, што, магчыма, мне спатрэбiцца якая-небудзь зброя. Унiверсальны сцiзорык, вядома, не зброя, але нiчога iншага я не меў. Аднак я не быў яшчэ ў такiм стане, каб шукаць прамянёвую зброю альбо што-небудзь iншае. Я ўсеўся ў металiчнае крэсла пасярод вызваленай ад рэчаў плошчы, далей ад розных прадметаў. Хацелася пабыць аднаму. Я з задавальненнем адзначыў, што ў мяне ёсць яшчэ больш чым паўгадзiны часу; нiчога не парадзiш, у маёй натуры скрупулёзнасць ва ўсiм - цi то ў важным, цi то ў дробязях. Стрэлкi на дваццацiчатырохгадзiнным цыферблаце стаялi на сямi. Сонца заходзiла. Сёмая гадзiна мясцовага часу азначала дваццаць гадзiн бартавога часу на "Праметэi". На экранах Модарда Салярыс, вiдаць, ужо зрабiлася малюсенькай iскаркай i нiчым не адрознiвалася ад зорак. Але якiя стасункi са мной мог мець "Праметэй"? Я заплюшчыў вочы. Панавала абсалютная цiшыня, калi не лiчыць раўнамернага мяўкання труб. У душавой вада капала на парцэляну.
Гiбарыяна няма сярод жывых. Калi я добра зразумеў, што казаў Снаўт, то з моманту яго смерцi мiнула ўсяго некалькi гадзiн.
|< Пред. 14 15 16 17 18 След. >|