Салярыс (на белорусском языке)   ::   Лем Станислав

Страница: 17 из 239

Што зрабiлi з целам? Пахавалi? Праўда, на такой планеце зрабiць гэта было немажлiва. Я доўга разважаў над гэтым, нiбыта лёс мёртвага быў сама важнай праблемай; пасля я ўсвядомiў марнасць гэтых разважанняў, устаў i пачаў хадзiць з кута ў кут, чапляючыся нагой за бязладна параскiданыя кнiжкi, за нейкi малы i пусты планшэт; я нахiлiўся i падняў яго. Ён быў не пусты. Там ляжала бутэлька з цёмнага шкла, такая лёгкая, быццам зробленая з паперы. Я паглядзеў праз яе ў акно, на панура-чырвоны, затуманены бруднай iмглой заход сонца. Што гэта са мной? Навошта звяртаю ўвагу на ўсялякую брыдоту, на любую дробязь, што трапляе ў рукi?

Я здрыгануўся, бо запалiлася святло. Вiдаць, гэта спрацаваў фотаэлемент. Я ўсё яшчэ нечага чакаў, напружанне ўзнялося да такой ступенi, што ўрэшце я ўжо не мог трываць пустаты за спiнай. Вырашыў перамагчы гэтае адчуванне. Падсунуў крэсла да палiц. Выцягнуў добра знаёмы мне другi том старой манаграфii Х'юза i Эйгеля "Гiсторыя планеты Салярыс" i пачаў яго гартаць, паклаўшы тоўстую кнiгу на калена.

Адкрыццё Салярыс адбылося амаль за сто гадоў да майго нараджэння. Планета круцiцца вакол двух сонцаў - чырвонага i блакiтнага. На працягу сарака гадоў з гакам да яе не наблiзiўся нiводзiн касмiчны карабель. У тыя часы тэорыя Гамава - Шэплi аб немажлiвасцi ўзнiкнення жыцця на планетах двайных зорак лiчылася аксiёмай. Арбiты такiх планет няспынна мяняюцца ў вынiку гравiтацыйных адхiленняў, выклiканых пад час кручэння абодвух сонцаў адносна адно аднаго.

|< Пред. 15 16 17 18 19 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]