Салярыс (на белорусском языке)   ::   Лем Станислав

Страница: 20 из 239

За паўтара года да з'яўлення экспедыцыi, якая стартавала ў раёне Альфы Вадалея, другi даследчы флот вывеў, па даручэннi Iнстытута, на ваколсалярысную арбiту аўтаматычны Сатэлоiд - Месяц 247. Гэты Сатэлоiд пасля трох чарговых рэканструкцый, якiя падзялялi дзесяцiгоддзi, працуе да сённяшняга дня. Звесткi, якiя ён сабраў, канчаткова пацвердзiлi назiраннi экспедыцый Атэншэльда пра актыўны характар руху Акiяна.

Адзiн карабель Шанагана застаўся на высокай арбiце, а два iншыя пасля папярэдняй падрыхтоўкi зрабiлi пасадку на скалiстым ускрайку сушы, якi займаў каля шасцiсот квадратных мiль, ля паўднёвага полюса Салярыс. Праца экспедыцыi скончылася праз васемнаццаць месяцаў i была ў цэлым паспяховая, калi не лiчыць аднаго няшчаснага выпадку з-за непаладкаў апаратуры. Аднак у стане навукоўцаў, што ўваходзiлi ў экспедыцыю, адбыўся падзел на два варожыя лагеры. Прадметам спрэчкi стаў Акiян. На падставе аналiзу яго палiчылi арганiчным утварэннем (назваць яго жывым тады яшчэ нiхто не пасмеў). Аднак калi бiёлагi бачылi ў iм прымiтыўнае ўтварэнне - нешта накшталт вялiзнага суклецця, а дакладней, адну, дзiвосна выраслую вадкую клетку (яны называлi гэта "дабiялагiчнай фармацыяй"), што абгортвала ўсю планету сцюдзянiстым покрывам, якое дзе-нiдзе дасягала некалькi мiль, - то астраномы i фiзiкi сцвярджалi, што гэта павiнна быць надзвычай высокаарганiзаваная структура; па складанасцi будовы яна, магчыма, пераўзыходзiла зямныя арганiзмы, бо магла актыўна ўплываць на фармаванне планетнай арбiты.

|< Пред. 18 19 20 21 22 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]