Вяртаньне ы Тутэйшыя (на белорусском языке) :: Аркуш Алесь
Страница:
9 из 22
Я нават нешта сказаў у абарону Глёбуса, нешта пра патрэбу гарадзкой паэзii.
Запрашэньне на наступнае паседжаньне таксама прыйшло ў Жодынь: "у 18.30, у суботу, 21 сакавiка, у Доме лiтаратара (уваход збоку) адбудзецца чарговая сустрэча лiтаратурнай суполкi Тутэйшыя. Першым пытаньнем - беларуская мова ў лiтаратуры i жыцьцi. Другiм - творчая i фiлязофская канцэпцыя М.Шэляговiча, разгляд яго творчасьцi. Трэцьцiм пытаньнем - аповеды У.Сьцяпана. Чацьвёртым пытаньнем - праблемы Тутэйшых". Паседжаньне вёў Бяляцкi. Госьцем гэтай сустрэчы стаўся новапалачанiн Сяргей Сокалаў (тады ён яшчэ ня быў нi Сержуком, нi Воюшам). Госьць з iмпэтам прасьпяваў свае "касiнерскiя" песьнi й быў вельмi прыхiльна сустрэты Сысам. Затым разглядалi навэлу Сьцяпана "Вонкавае сьвятло". Я чуў гэты твор другiм разам, упершыню Валодзя чытаў мне "Вонкавае сьвятло" ў сьнежнi 1986 году ў сваёй майстэрнi (у падвале пад крамаю "Кнiгарня пiсьменьнiка"). Зразумела, Сьцяпан добра атрымаў ад "патрыётаў" за "фармалiзм". Я ня мог не заступiцца за хлопца, балазе, мне на самой справе гэта рэч падабалася. Без сумнiву, яна была зроблена "пад Глёбуса" (з дакладным натуралiзмам у маляваньнi дэталяў i абавязковым дзёрзкiм пратэстам супраць закарузлага жыцьця i "вашых правiлаў", як у глёбусаўскiм "Слане"), аднак у Сьцяпана аповеды атрымлiвалiся больш цёплымi, ён ня быў сталiчным хлопцам, i вытруцiць зь сябе дарэшты местачковасьць, каб паўстаць халодным i неспагадлiвым гарадчуком, на ўзор Кая з андэрсаўскай казкi, ня здолеў.
|< Пред. 7 8 9 10 11 След. >|